RU | EN | 中文
eye

«Настаўніцкая газета»: Творчы палілог сталічных студэнтаў

DSC_9635-2Школьнікі ўжо даўно адгулялі свае вясенні канікулы, не паспеўшы нават як след імі нацешыцца, а вось студэнцкі адпачынак толькі-толькі завяршыўся. У Мінску на працягу амаль цэлага месяца праходзіў творчы марафон у межах Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі”. Сёлета мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Моладзь і творчасць: гісторыя будучыні”, а студэнты і педагогі напоўніцу паказалі, як яго зразумелі і адчулі.

Аб’яднаныя сцэнай

Як адзначае Алена Лаўрыновіч, здорава, што ў межах Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” і ў Мінску, і ў рэгіёнах ладзіліся творчыя сустрэчы студэнтаў розных УВА. У сталіцы яны прайшлі на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, Беларускага эканамічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Маючы свае пляцоўкі і магутныя творчыя калектывы, установы арганізавалі творчы палілог, запрасіўшы да сябе студэнтаў — і выканаўцаў, і гледачоў. Гэта падтрымлівае сутнасць фестывалю — стаць пачаткам студэнцкай дружбы.

Творчая дружба атрымала працяг і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, таксама прайшла такая сустрэча, тэмай якой стала любоў да малой радзімы. У некаторых УВА гэты матыў таксама прачытваўся, але выключна праз дзейнасць творчых калектываў, у першую чаргу фальклорнай накіраванасці. Так, у акадэміі сувязі праграма была пабудавана на творах беларускага кампазітара Уладзіміра Карызны, які працуе ў акадэміі, і творах яго бацькі. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце тэму малой радзімы раскрываў ансамбль народнай песні “Горліца”, у Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце — фолк-група “Велес”. Але найбольш уразіў БДУФК — тым, як прадставіў тэму малой радзімы праз дасягненні беларускіх спартсменаў. Многія нашы спартсмены, чэмпіёны — выпускнікі ці студэнты гэтага ўніверсітэта, і ў кожнага з іх ёсць малая радзіма. Праграма БДУФК была пабудавана менавіта на тым кантрасце, на відэаматэрыяле тых высокіх дасягненняў, калі над усім спартыўным светам узнімаецца беларускі сцяг, і на аповедзе пра тое, дзе спартсмен нарадзіўся, у якой школе вучыўся, дзе пасябраваў са спортам.

“Як бачым, мастацкая творчасць выхоўвае, дапамагае вырашаць задачы прафарыентацыі, але БДУФК паказаў, як сёння мастацка-творчымі сродкамі можна прапагандаваць здаровы лад жыцця, прыцягваць увагу моладзі да спорту”, — адзначыла Алена Лаўрыновіч.

Напрыканцы яна дадала: “Кожны творчы сезон мы, арганізатары, сустракаем з трапятаннем, бо кожны раз робім шмат адкрыццяў. Сёлета галоўным з іх стала фінальная праграма ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце: у гэтым конкурсным сезоне да студэнцкай творчасці далучылася шмат маладых педагогаў. Гэта радуе і ставіць перад намі пэўныя задачы. Тыя лепшыя прыклады з конкурсных праграм, якія мы бачылі, будуць у далейшым уключаны ў метадычныя, рэспубліканскія метадычныя мерапрыемствы, майстар-класы, творчыя сустрэчы. І, безумоўна, гэта будзе не толькі прэзентацыяй дасягненняў, але і большым прафесійным паглыбленнем той вялікай кагорты маладых спецыялістаў, якія сёлета сталі кіраўнікамі маладзёжных творчых аб’яднанняў. Лепшыя калектывы стануць метадычнымі адукацыйнымі паказальнымі пляцоўкамі, на якіх адбудуцца сустрэчы кіраўнікоў калектываў па жанрах. Гэты дыялог творчай студэнцкай моладзі будзе гучаць на працягу двух гадоў, каб мець магчымасць зноў сустракацца на фестывальных пляцоўках”.

Дарэчы, наступная такая сустрэча пройдзе зусім хутка — падчас фіналу конкурсу 25—26 мая ў маладзёжнай сталіцы Магілёве, дзе выступяць лепшыя калектывы рэспубліканскага фестывалю студэнцкай творчасці.

Полная версия материала: nastgaz.by