Творчая каманда студэнцкага савета інтэрнату па вул.Вясёлкавай, 25 прадставіла гледачам уласнае прачытанне класічнага твора беларускай драматургіі Міхася Чарота «Мікітаў лапаць». Гэта камедыя-вадэвіль у двух актах, упершыню апублікаваная і пастаўленая ў 1923 годзе. У аснове сюжэта — класічная любоўная калізія: маладыя людзі з суседскіх сем’яў кахаюць адно аднаго, але не могуць пабрацца праз свары паміж іх бацькамі. Галоўны герой, недарэчны Мікіта, таемна закаханы ў прыгожую Зоську, якая марыць пра Саўку. Менавіта страчаны лапаць Мікіты і пляткарства жанчын запускаюць ланцуг камічных падзей, якія ўрэшце прыводзяць да шчаслівага фіналу — вяселля.
Нягледзячы на тое, што п’есе больш за сто гадоў, яна не страціла актуальнасці. Сёння ў вёсках таксама ёсць канфлікты паміж суседзямі. «Мікітаў лапаць» — гэта не проста вясёлая гісторыя з народным гумарам, але і мудрая прытча пра сілу слова і чалавечых узаемаадносін.
Пастаноўка ў інтэрнаце па вул.Радужнай, 25 стала сапраўдным святам беларускай культуры. Студэнцкі савет прадэманстраваў не проста фармальны падыход, а глыбокую павагу да літаратурнага матэрыялу і яскравы творчы энтузіязм. Асабліва хочацца адзначыць прадуманую сцэнічную атмасферу. Дэкарацыі і касцюмы былі падыходзячымі і стыльнымі, яны стваралі адчуванне сапраўднай беларускай вёскі пачатку XX стагоддзя. Усе дэталі — ад прадметаў побыту да строяў — старанна падабраныя. Гэта дапамагло гледачам цалкам пагрузіцца ў п’есу.
Акцёрская ігра была шчырай і натхнёнай. Студэнты не проста вывучылі і чыталі тэкст, а пражывалі пачуцці сваіх герояў. Камічныя сцэны выклікалі шчыры смех у зале. Было бачна, што кожны ўдзельнік уклаў душу ў сваю ролю. Рэжысёрская праца таксама заслугоўвае пахвалы: пастаноўка была дынамічнай, з добра прадуманымі мізансцэнамі.
Асобна хочацца падзякаваць кіраўніку мастацкага сектара студсавета Міхася Жамойтука за арганізацыю мерапрыемства, якое было прысвечана 130-годдзю беларускага пісьменніка Міхася Чарота. Усё было зроблена на высокім узроўні: своечасовае інфармаванне, камфортная абстаноўка для гледачоў, цёплая і ўтульная атмасфера. Гэты спектакль надоўга застанецца ў нашай памяці як узор таго, якім жывым і цікавым можа быць студэнцкі тэатр.














