RU | BY | EN | 中文

ЗВЯЗДА: «Якасць падрыхтоўкі кадраў — вышэйшая за ўсё». Як БДУФК выхоўвае спартыўныя таленты

Іван Літвіновіч, Максім Недасекаў, Аліна Гарнасько — спартсмены, якіх аб’ядноўвае не толькі поспех на нядаўніх Алімпійскіх гульнях у Токіа, але і тое, што яны студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Для спартыўнага ўніверсітэта гэтае лета выдалася асабліва насычанае, паралельна з Алімпіядай ішла прыёмная кампанія. У час алімпійскага лета яна, зразумела, была асаблівая. «Звязда» даведалася падрабязнасці.

«У Токіа выступалі 19 нашых студэнтаў і мы радаваліся за кожнага. Я сам як спартсмен разумею, што ўдзел у Алімпійскіх гульнях — гэта мара кожнага атлета. І высокія вынікі застаюцца на ўсё жыццё, гэтымі дасягненнямі жыве краіна. Я вельмі рады за нашых студэнтаў», — дзеліцца ўражаннямі рэктар БДУФК Сяргей Рэпкін, доктар эканамічных навук, дацэнт, — Калі я глядзеў фінал у скачках на батуце, злавіў сябе на думцы, наколькі цяжка выступаць апошнім, калі бачыш добрыя вынікі сапернікаў. Іван Літвіновіч з гэтым справіўся. Максім Недасекаў выступіў на сваёй максімальнай вышыні. Аліна Гарнасько таксама вялікая малайчына. Хочацца выказаць сваю павагу спартсменам, што яны змаглі паказаць моцны псіхалагічны настрой, упэўненасць і такія вынікі. Мабыць, яны толькі праз час усвядомяць, што зрабілі для сябе, для свайго спорту і для краіны, і для ўніверсітэта, вядома. Падчас прыёмнай кампаніі ў нас у кожным корпусе працавалі тэлевізары. Калі выступаў Ваня Літвіновіч, мы на пяць хвілін пазней пачалі прыём уступных іспытаў, бо ўсе чакалі выніку. Я зайшоў у залу складанакаардынацыйных відаў, дзе праходзілі іспыты па гімнастыцы, пачуў воклічы і зразумеў, што Ваня — чэмпіён», — расказвае Сяргей Рэпкін.

Трэнеры — у першую чаргу

Такія поспехі спартсменаў-студэнтаў — дадатковая матывацыя для абітурыентаў, асабліва для тых, хто хоча звязаць сваю прафесійную будучыню з трэнерскай работай. У БДУФК рыхтуюць трэнераў па 42 відах спорту. Гэта адзіная ВНУ ў краіне, дзе на кожную групу відаў спорту прыходзіцца асобная кафедра. Але, як расказала прарэктар па вучэбнай рабоце Алена Фільгіна, самай папулярнай спецыяльнасцю сярод абітурыентаў аказалася не трэнерская дзейнасць, а «менеджмент у турызме» з конкурсам 4,25 чалавека на месца. Аднак універсітэт робіць акцэнт менавіта на падрыхтоўцы трэнерскіх кадраў. Менавіта на дадзены накірунак вылучаецца найбольшая колькасць бюджэтных месцаў.


«Сёлета на спецыяльнасці, звязаныя з трэнерскай дзейнасцю, мы залічылі 604 абітурыенты, на ўсе формы навучання — 1197 чалавек, то-бок 50 % абітурыентаў былі залічаны на трэнерскую работу. Конкурс атрымаўся 1,53 чалавека на месца, гэтыя спецыяльнасці дастаткова запатрабаваныя», — прыводзіць лічбы Алена Васілеўна.


Сяргей Рэпкін падкрэсліў, што ўніверсітэт кожны год працуе па мэтавым наборы абітурыентаў. Сёлета ў ВНУ паступіла больш за 140 мэтавых заявак з усіх рэгіёнаў краіны. «Мы па магчымасці закрываем патрэбу ў трэнерскіх кадрах ва ўсіх рэгіёнах», — адзначае рэктар.

Самымі запатрабаванымі ў абітурыентаў аказаліся лёгкая атлетыка, плаванне, баскетбол, валейбол, гандбол, хакей і футбол. Вызначаецца папулярнасць спецыяльнасцяў па колькасці пададзеных заяў. Менш цікавыя для абітурыентаў шахматы і фехтаванне. Атрымліваецца, што віды спорту, якія традыцыйна радуюць высокімі дасягненнямі, больш цікавяць моладзь. «Лагічна, што на віды спорту, якія патрабуюць развіцця, меншы набор. Рашэнне праблемы кіраўніцтва ўніверсітэта бачыць у супрацоўніцтве з федэрацыямі па відах спорту. Толькі разам БДУФК і спартыўныя федэрацыі могуць праводзіць плённую прафарыентацыю. «Федэрацыі ведаюць рэгіёны, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, іншыя арганізацыі, дзе трэніруюцца спартсмены, якія могуць стаць нашымі абітурыентамі. Мы ўжо праводзілі семінары разам з федэрацыямі, прадстаўлялі напрамкі, у якіх можам сумесна працаваць. І спартыўныя федэрацыі адгукнуліся, ім таксама гэта цікава і важна», — адзначае прарэктар па вучэбнай рабоце.

Чэмпіёнская адукацыя

Амаль усе спартсмены пасля заканчэння школы падаюць дакументы менавіта ў БДУФК. Практычныя веды і вопыт дазваляюць, а ўніверсітэт падмацоўвае гэта тэорыяй. Сёння ў БДУФК вучыцца 558 членаў нацыянальных і зборных камандаў. А чэмпіёны міра і Еўропы, якія перамаглі ў год паступлення, могуць паступіць ва ўніверсітэт без уступных іспытаў. Але не факт, што з выдатнага спартсмена атрымаецца вялікі трэнер. «Я ведаю прыклады, калі вялікія спартсмены станавіліся вялікімі трэнерамі, і наадварот. Я б тут не быў катэгарычны, усё залежыць ад жадання вучыцца. Ёсць жа схільнасць да канкрэтнага віду спорту, і паступаючы ва ўніверсітэт, таксама гэтым кіруюцца. Гэта як любоў да сям’і, да блізкіх людзей. Тое ж і з прафесіяй, у тым ліку і з трэнерскай», — падкрэслівае Сяргей Рэпкін.


З-за нестабільнага графіка спартсменаў, іх пастаянных раз’ездаў па зборах і спаборніцтвах, у БДУФК ёсць асаблівасць, якая вылучае яго сярод іншых універсітэтаў, — індывідуальны вучэбны план, што дазваляе ўзгадніць навучанне ва ўніверсітэце са спартыўнай кар’ерай. Спецыяльна для гэтага распрацаваны дыстанцыйныя электронныя курсы, электронныя вучэбна-метадычныя комплексы па кожнай вучэбнай дысцыпліне, дзе сабраны увесь тэарэтычны матэрыял і заданні для выканання. «Мы доўга думалі, як у дыстанцыйнай форме прадставіць студэнтам практычны матэрыял. І вырашэнне гэтай праблемы мы лічым сваім ноу-хау, хоць яно і вельмі простае, як усё геніяльнае. Мы распрацавалі рабочы сшытак, дзе ў электроннай форме прадстаўлены практычныя заданні. Мы гэтую сістэму ўдасканальваем, і ў поўнай ступені яна пачне працаваць у 2022/2023 навучальным годзе. Кульмінацыяй будзе палажэнне аб дыстанцыйных вучэбных курсах», — расказвае Алена Фільгіна. Прарэктар адзначае, што такая сістэма стала сапраўдным выратаваннем, калі пачалася пандэмія каранавіруса і ўніверсітэт перайшоў на дыстанцыйную работу.


Аднак вучыцца па індывідуальным плане могуць толькі найлепшыя, члены нацыянальных і зборных камандаў. Гэта патрабаванне рэктара Сяргея Рэпкіна. Тыя, хто на індывідуальным плане, павінны наведаць не менш за 30 % заняткаў, для астатніх галоўнае патрабаванне — вучыцца. На першы погляд можа здацца, што спартыўны ўніверсітэт робіць пэўныя патуранні і паслабленні для студэнтаў-спартсменаў. Але прарэктар па вучэбнай рабоце рашуча тое абвяргае: «Ёсць універсітэты, якія ідуць насустрач спартсменам, у нас наадварот. Мы змагаемся за якасць падрыхтоўкі, і, як паказвае вопыт, такія меры даюць вынікі. Больш студэнтаў з рэгіянальных універсітэтаў хоча перавесціся да нас. Прыязджае больш абітурыентаў з-за мяжы. Якасць падрыхтоўкі кадраў — вышэйшая за ўсё. І гэта невыпадкова. БДУФК — адзіны профільны ўніверсітэт у краіне. У нас працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, у мінулым трэнеры і спартсмены». Праўда, дзеючых трэнераў сярод выкладчыкаў БДУФК няшмат. Прычына — вялікая занятасць і нестабільны графік. Але трэнеры-практыкі актыўна ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях, дзеляцца вопытам з універсітэцкімі калегамі, праводзяць майстар-класы.

Кадры растуць у школе…

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры пачынае рыхтаваць трэнераў яшчэ са школы. Як расказаў рэктар Сяргей Рэпкін, два гады назад па ініцыятыве ўніверсітэта ў беларускіх школах былі адкрытыя профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Іх мэта — зацікавіць школьнікаў спартыўнай, у прыватнасці, трэнерскай дзейнасцю, і матываваць паступаць у БДУФК. «Мы хацелі, каб да нас паступалі абітурыенты з высокім балам, зацікаўленыя ў трэнерскай рабоце. І сумоўі, якія мы праводзілі з выпускнікамі такіх класаў сёлета, паказалі, што сваіх мэт мы дасягнулі», — падкрэслівае Сяргей Барысавіч.

Сёння будучыя трэнеры вучацца ў 11 беларускіх школах. У профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці школьнікі пераходзяць пасля дзявятага класа. Для гэтага іх агульны бал атэстата павінен быць не меншы за «шэсць», з адзнакай не ніжэй сямёркі па профільных прадметах — біялогіі і рускай ці беларускай мовах. Пры выпуску са школы бал па ўсіх вучэбных прадметах павінен быць не ніжэйшы за «сем», з адзнакамі за профільныя прадметы — не ніжэй за «восем». Акрамя таго, вучні павінны ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах і прайсці факультатыўныя заняткі «уводзіны ў спартыўна-педагагічныя спецыяльнасці». Выкананне гэтых патрабаванняў дае выпускнікам магчымасць без экзаменаў паступаць у ВНУ, дзе ёсць дзве спецыяльнасці — «фізічная культура (па напрамках)» і «спартыўна-педагагічная дзейнасць». Трэба толькі прайсці сумоўе.

Вучэбную праграму для профільных класаў распрацавалі таксама спецыялісты БДУФК. Яна ўключае ў сябе чатыры модулі: гісторыя фізічнай культуры і спорту, анатама-фізіялагічныя асаблівасці мышачнай дзейнасці, псіхолага-педагагічныя асаблівасці спартыўнай падрыхтоўкі, тэорыя і методыка фізічнага выхавання і спорту. Універсітэтам быў распрацаваны і вучэбна-метадычны комплекс для школьных настаўнікаў фізічнай культуры.

Адкрыццю профільных класаў спартыўна-педагагічнай накіраванасці папярэднічала вялікая работа ўніверсітэта і школ. Першым крокам стала арганізацыя рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «фізічная культура». «Мы заўсёды казалі, што фізічная культура ў школе павінна быць раўнапраўным прадметам. І разам з Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў мы распрацавалі заданні алімпіяды. Школьнікі любяць гуляць, таму ў алімпіяду ўвайшлі валейбол, баскетбол, гандбол і футбол. Наша кафедра гульнявых відаў спорту распрацавала праграму. І першы плод не пайшоў за плот», — расказвае Алена Фільгіна.

…І ў вышэйшай школе

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры дапамагае развівацца не толькі тым, хто яшчэ толькі плануе звязаць сваё жыццё з трэнерскай дзейнасцю, але і ўжо вопытным трэнерам. Спецыяльна для гэтага працуе Вышэйшая школа трэнераў. Яе асноўная функцыя — павышэнне кваліфікацыі трэнерскага саставу Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу тых, хто можа працаваць з нацыянальнымі і зборнымі камандамі. У спорце не бывае дробязяў і на кожным этапе павінны быць дасведчаныя людзі. БДУФК дае магчымасць развівацца кожнаму — ад школьніка, які марыць стаць трэнерам, да кваліфікаванага спецыяліста.

І як прынята ў спорце, спыняцца на дасягнутым універсітэт не збіраецца. Як расказаў Сяргей Рэпкін, у новы навучальны год БДУФК уступіць з сямю новымі адкрытымі пляцоўкамі — па дзве для валейбола, баскетбола, тэніса і адна для міні-футбола. Па словах рэктара, гэта дазволіць больш якасна праводзіць заняткі і спаборніцтвы. Праз рэканструкцыю пройдзе спартыўнае ядро ВНУ — футбольнае поле і лёгкаатлетычныя дарожкі. Плануецца, што на працягу трох гадоў будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы інтэрнат на 700 месцаў. «Улічваючы, што ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў на ўсю краіну, у нас шмат іншагародніх студэнтаў, патрэба ў інтэрнаце ў нас вельмі вялікая. Традыцыйна мы развіваем экспарт паслуг, да нас прыязджаюць замежныя студэнты. У нас ёсць сумесны факультэт з Узбекскім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры. Развіваецца супрацоўніцтва з іранскімі абітурыентамі, у нас вучыцца каля 100 кітайскіх студэнтаў. Налета плануем адкрыць англамоўную магістратуру. Мы маем унікальную базу, БДУФК — адзін з найлепшых у Еўропе спартыўных універсітэтаў, таму мэты і задачы ў нас адпаведныя, грандыёзныя», — канстатаваў Сяргей Рэпкін.

Валерыя СЦЯЦКО


Президент Республики Беларусь
Министерство спорта Республики Беларусь
Министерство образования Республики Беларусь
Национальный олимпийский комитет Республики Беларусь
Белорусская Олимпийская Академия
Белорусская ассоциация студенческого спорта
Минский городской исполнительный комитет
centr
Национальный правовой портал
Сайт о высшем образовании в РБ для иностранных граждан
Abiturient
Единый портал внешнеторговой деятельности
Молодежь Беларуси
Интерактивная платформа патриотического воспитания
НЦЗиПИ