RU | EN | 中文
eye

У Мінску завяршыла сваю працу ХХVIII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш

У Мінску завяршыла сваю працу ХХVIII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой прынялі актыўны ўдзел студэнты БДУФК.

Вядомы паэт Мікалай Віктаравіч Шабовіч прэзентаваў на выставе адразу дзве свае кнігі – “Пока светает небо тишиною” (выбраныя творы ў перакладзе на рускую мову Глебам Пудавым) і “Я і Ты” (150 вершаў пра каханне).

Падчас прэзентацыі вершы М.Шабовіча прагучалі ў аўтарскім выкананні і ў выкананні артыстак Вольгі Багушынскай, Святланы Яфрэмавай, Алены Шабад, Таццяны Каленік, Ганны Красоўскай і Таццяны Плашчынскай.

Песні на словы Міколы Шабовіча выканалі спевакі Віктар Мяцельскі, Алег Малашчыцкі, Аляксандр Шукшын і Святлана Кіслая. М.В.Шабовіч выступіў з вершамі і на іншых мерапрыемствах кніжнай выставы – прэзентацыі зборніка песень кампазітара Яўгена Ксяневіча “Скарб дарагі”, у які ўвайшла і песня на словы Міколы Віктаравіча “Калыханка для цябе”, а таксама на канцэрце свайго сябра, суаўтара многіх сваіх песень, кампазітара і выканаўцы Віктара Мяцельскага, які, дарэчы, у пазамінулым годзе дарыў песенны настрой удзельнікам і гасцям студэнцкай навуковай канферэнцыі, якая ладзілася на нашым факультэце.

Творчасць Міколы Шабовіча, аўтара паэтычных кніг «Дом», «Падары мне сваю адзіноту», «Яшчэ пакуль не лістапад…», «Мая надзея», наскрозь пранізана звышадчувальнай чысцінёй, сумежнай з мастацкай святасцю, у якой патанаюць і родныя мясціны, і людзі з неадчуджанымі вачыма, і светаадчуванне паэта, і    Жанчына — «Вясна дзён», «Ты і я », «Высокага неба абранніца», «Ачышчэнне ад маны»…

У вершах Міколы Шабовіча, прысвечаных бацькоўскай зямлі, паўстае рэальны, не рамантызаваны свет. Боль паэта народжаны ўчарашнім і сённяшнім днём улюбёнага краю і яго знямелых беларускіх вуснаў, адзінотаю дастасаваных да хрысціянскай сімволікі двароў роднай вёскі.

Журба паэтычнага радка Міколы Шабовіча светлая, гаючая: яна дакранаецца да сумлення, ачышчаючы яго, як пераплаўленае золата, і боль набывае нязведаныя ўласцівасці асвячэння, збавення…

Ты – збавенне, мой востраў,
Куточак зялёны,
Я прыходжу сюды,
Каб спазнаць таямніцы жыцця.

ЖАНЧЫНА? Як лірычны герой? набывае значэнне філасофскай катэгорыі — асабістай знаходкі Міколы Шабовіча. Інтымная лірыка паэта ўнікальная сваёй двухаблічнасцю: яна ўбірае ў сябе «вершы пра дваіх» (мужчыну і жанчыну) і «вершы пра АДНУ, АДЗІНУЮ, АДЗІНКАВУЮ, АДЗІНОКУЮ» (жанчыну), якая заўжды была «не святошай, але святою».

Ад сівой даўніны мудрых думак сувой
Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:
“…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.
Не забудзь, хто табе адкрываў новы свет,
Хто вучыў шанаваць і Радзіму, і мову.
Пранясі па жыцці гэты сказ-запавет
І сынам перадай як святую замову:
“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,
У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы.

Прад матуляй укленчы, Айчыннай сваёй,

А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.